Мая малітва Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе, І ў полі шырокім, і ў вузенькай хатцы Малюся я гэтаму сонцу на небе І зоркам, што ночкай мігцяцца. Малюся свабоднаму ветру – віхуры, Што лётае птушкай ад краю да краю, І пасвіць у высях панурыя буры, І ў комінах песні іграе. Малюся агню я, што сее пажары, Як стане пара, па нязмераным свеце, Наводзячы жудасць вялікаю карай, Пужаючы старцаў і дзеці. Малюся жывучай вадзіцы – разводдзю, Ў дзень ясны бліскучай, а страшнай уночы, Што, нівы палошчучы, йдзе, не праходзе І хаты, і чоўны друзгоча. Малюся я небу, зямлі і прастору, Магутнаму богу – ўсясвету малюся, Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору За родны загон Беларусі.